ЛІПІ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в. Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)